"Гадзіна смутку і маўчання". 26 красавіка 1989 года. Мінск.
26 красавіка 1989 года ў Мінску адбылася першая масавая акцыя, прысвечаная наступствам Чарнобыльскай катастрофы.

Акцыю пад назвай "Гадзіна смутку і маўчання" арганізаваў Беларускі народны фронт за перабудову "Адраджэньне".

Людзі сабраліся на Плошчы Леніна (якая з 1991 года з'яўляецца Плошча Незалежнасці). "Гадзіна смутку і маўчання" была запланавана і праведзена як маўклівая акцыя.

Трагізм Чарнобыльскай катастрофы сімвалічна падкрэсліваўся супольным маўчаннем тысячаў людзей, якія прыйшлі і прыехалі на гэты незвычайны мітынг з розных беларускіх гарадоў.

Людзі моўчкі стаялі з запаленымі свечкамі. Цішыню над плошчай падкрэсліваў мерны гук жалобнага звону.

Гарэлі, плавіліся васковыя свечкі, у паветры луналі чорныя харугвы з назвамі беларускіх гарадоў і мястэчак, пацярпелых ад радыяцыі.

Важна памятаць, што ў 1989 годзе адбылося дзве чарнобыльскія акцыі: мітынг "Гадзіна смутку і маўчання" (26 красавіка) і першы Чарнобыльскі шлях – 30 верасня 1989 года.

1989 год быў адметны тым, што дэмакратычныя працэсы сталі рэальнай з'явай у жыцці беларускага грамадства і хутка ахапілі ўсю Беларусь. Ішло змаганне новай незалежнай і дэмакратычнай Беларусі са старым камуністычным таталітарным мінулым.

Разгон уладамі "Дзядоў" 30 кастрычніка 1988 г. выклікаў у грамадстве адваротную рэакцыю. 19 лютага 1989 г. адбыўся масавы шматтысячны мітынг у падтрымку Перабудовы на стадыёне "Дынама". У сакавіку 1989 г. – шэраг выбарчых мітынгаў у падтрымку дэмакратычных кандыдатаў у народныя дэпутаты СССР. Выбары адбыліся 26 сакавіка. У выніку, ад Беларусі былі абраныя некалькі дэмакратычных кандыдатаў: Васіль Быкаў, Аляксандр Дабравольскі, Віктар Карніенка, Юры Варонежцаў ды інш.

Красавіцкі мітынг "Гадзіна смутку і маўчання" працягнуў вулічную актыўнасць дэмакратычных сілаў. У 1989 годзе тэма Чарнобыльскай катастрофы ў Беларусі прагучыць надзвычай востра і актуальна. Улады будуць змушаныя распачаць сур'ёзныя дзеянні па змяншэнні наступстваў ядзернай катастрофы.

Выстава фатографа Уладзіміра Сапагова, прысвечаная мітынгу "Гадзіна смутку і маўчання", арганізаваная Праваабарончым цэнтрам "Вясна" і Цэнтрам даследванняў грамадзянскай супольнасці Беларусі, набывае надзвычайную актуальнасць і сімвалізм напярэдадні пуску Беларускай атамнай электрастанцыі ў Астраўцы.
Прыйшло вельмі шмат людзей, але на тую частку плошчы, што перад Домам ураду міліцыя не пускала. Стаялі шчыльна, упрыцірку адзін да аднаго. Здаецца, не было ніякіх прамоваў, можа быць, Зянон Пазьняк сказаў уступнае слова, але толькі некалькі фразаў. Маўчанне і нейкая напружанасць, адчуванне трывогі ў паветры. І час ад часу біў звон.
Сяргей Навумчык
Памятаю тую "Гадзіну смутку і маўчання". Памятаю той пранізлівы голас жалобнага звону. Памятаю, як дрыжэла полымя свечак ў даланёх - маіх і тых знаёмых і незнаёмых людзей, што апынуліся побач. Памятаю нязвыклую спасярод гораду цішыню і нейкае, здавалася, ледзь не заклятае маўчанне. Памятаю гаркотнае пачуццё бяды, адчаю, непаразумення, да якога дзіўным чынам прымешвалася адценне гонару, што мы - разам, што здольныя да злучнасці і вось гэтай глыбокай, амаль бяздоннай моўчы, разлеглай шырока над вясной і сумам, над параненай зямлёй і не раз'яснелым яшчэ світанкам Адраджэння. "Гадзіна смутку" насамрэч выяўляла лучнасць народу ў суровым і страшным выпрабаванні, якое не адужаеш, не скінеш, быццам няўдалых уладнікаў, з якой заставалася толькі змірыцца і ад якога не было відно паратунку.
Антаніна Хатэнка
Былі на акцыі і талакоўцы. У раёне Чырвонага касцёла стаялі са свечкамі, і плакатамі з назвамі гарадоў і дозамі радыяцыі. Стаялі ля гатэля "Мінск", а міліцыянты – бліжэй да касцёла, пасля рушылі на плошчу. Стаялі моўчкі, схіліўшы галовы, са свечкамі. Недазволены мітынг. Але міліцыянты людзей не хапалі.
Вінцэсь Манько
Там было вельмі шмат людзей, шчыльна стаялі. Я была без Сяргея Мацкевіча. Мы тады па чарзе хадзілі. Дачка Вера была малая – 7 месяцаў. Памятаю, што з немцамі пазнаёміліся. Яны чакалі аб'яднання Германіі, казалі, што справа часу. Абдымаліся, бо была надзея і ў іх, і ў нас. Было цёпла. Прамоваў не памятаю. Здаецца, прамоваў не было.
Тамара Мацкевіч
У мяне захаваліся запісы, што гэта была гадзіна маўчання на плошчы Леніна з 19 да 20 гадзін. Людзі стаялі з чорнымі павязкамі, чорнымі сцягамі, чорнымі харугвамі з назвамі пацярпелых ад радыяцыі беларускіх гарадоў. Памятаю, што нехта з прысутных здзівіўся чорнаму колеру, то яму патлумачылі, што гэта жалобны дзень. Прыйшоў на мітынг з сябрам, настрой у абодвух быў прыгнечаны. Пачуў ад людзей, што на навакольных вуліцах шмат міліцыі і вайсковых машын, але сам не бачыў. Здаецца, у гэты дзень улады правялі свой альтэрнатыўны чарнобыльскі мітынг.
Алесь Дудар
Памятаю, як неслі звон, памятаю Маю Тодараўну Кляшторную. У тыя 80-90-ыя я ні адной акцыі не прапускала...
Таццяна Гаранская
Спачатку пару слоў прамовіў Зянон Пазняк, затым – цішыня і ўдары звону. Чамусьці памяць захоўвае толькі чорна-шэрую карціну. Разгон "Дзядоў" і то ў колерах памятаю. Увосень, калі выступаў Алесь Адамовіч, згадваю дождж.
Мікола Новік
Гэта была наогул адна з першых акцый, дзе я ўдзельнічала. Мы з мужам Славам прыйшлі, запалілі свечкі, пастаялі і пайшлі. Якраз пасля гэтага праз пару тыдняў пайшлі ў Фронт запісвацца. Пазнейшыя акцыі адклаліся ў памяці больш.
Таццяна Пашавалава
Памятаю тую акцыю. Гэта была адна з першых акцый, у якой я браў удзел. Акцыя адбылася на плошчы Леніна, насупраць Чырвонага Касцела. Сабралася каля 1-2 тыс. чалавек. Быў нейкі хлопец, які кіраваў акцыяй. Спачатку ён загадаў ўсім запаліць знічы – у каго яны былі, тыя запалілі. І так у маўчанні стаялі. Пасля хлопец сказаў, што акцыя закончана і можна разыходзіцца. І ўсе разышліся.
Вячаслаў Чарняўскі
Вялікая колькасць людзей, якія рэальна былі далёкія не толькі ад БНФ, а нават агулам ад палітыкі. Памятаю твары людзей, якія адчувалі, разумелі трагедыю... багата хто з іх, асабліва жанчын, плакалі шчыра.
Сяргей Горбік
Вельмі шмат людзей, якія адчувалі Чарнобыльскую катастрофу, як агульнае гора з невядомымі наступствамі. Мы з адагрупніцамі з філфаку стаялі ў сярэдзіне плошчы. Незнаёмая жанчына дала мне свечку і запаліла яе. Людзі стаялі шчыльна з запаленымі свечкамі ў руках, Я ўвесь час глядзела на агонь свечкі, мне здавалася важным, каб ён не згас, здавалася, што ад гэтага залежыць нешта важнае. Маўчанне на плошчы перарывалася толькі гукам звону смутку па ахвярах – тымі, што ёсць і тымі, што будуць.
Паліна Сцепаненка
Што можна было адчуваць у такі дзень? Жах ад трагедыі і смутак па памерлых.
Валеры Міцкевіч
Быў на акцыі, пазнаў сябе на здымку. Памятаю, але не занатоўваў амаль нічога... жылі на эмоцыях. Не ведаю нават, калі яно балела "ярчэй" – тады, калі ўдома было двое дзетак 2 і 4 гады, ці зараз, калі побач шчабеча ўнук 10-ці гадоў. Жылі тады... жывем цяпер. "Як баліць гэты Край – лебядзіная песня народа. Як баліць гэты Край... Як баліць ён... О, як ён баліць!"
Павел Змітрук
Вось толькі контур я і памятаю – свечкі, Пазняк выступаў, я тады яго бачыў другі ці трэці раз у жыцці.
Вадзім Казначэеў
У той час было адчуванне еднасці, і было зразумела, што далей рабіць, аднак, на жаль, гэта разуменне з часам неяк знікла, а радыяцыя – не.
Раман Якаўлеўскі
Юнак у адгазніку трымае бэсэсэраўскі сцяг з чорнай жалобнай стужкай.
Галоўная харугва мітынга: Чарнобыль. 26 красавіка. Гадзіна смутку і маўчання.
Справа, са свечкай у руках: паэт, сябра Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя" Павел Змітрук.
На плошчы Леніна (зараз Незалежнасці) на мітынг сабралася некалькі тысяч чалавек. Людзі стаяць акуратна, не топчуць клумбы з цюльпанамі.
Справа – музыка з гурта "Мроя", журналіст Уладзя Давыдоўскі.
Харугвы з назвамі мястэчак і гарадоў: Пяршаі, Слаўгарад, забруджаных радыяцыяй.
У цэнтры, у цёмнай вопратцы – тады студэнт юрфаку БДУ, у будучым дэпутат Вярхоўнага Савету 13 склікання Павел Знавец. Справа ў цёмнай куртцы – актывіст БНФ Цэнтральнага раёну Мінска Генадзь Коласаў.
Мінімум міліцыі на плошчы і цэлыя падраздзяленні напагатове ў дварах. Гэтая тактыка падчас масавых акцый стане звыклай для мінскай міліцыі ў наступныя 30 гадоў.

На будынку Мінскага гарсавету – выявы савецкіх ўзнагародаў горада. Па цэнтры з вусамі – актывіст БНФ, дэпутат Менскага гарсавету, сябра "Дэмакратычнай плыні" ў гарсавеце Георгі Кунцэвіч.
За харугвай Краснаполле проста ў камеру глядзіць актывіст БНФ Сяргей Андросаў.
2-гі злева – актывіст БНФ Генадзь Коласаў. 2-гі справа – мастак Уладзімір Вішнеўскі
"Чарнобыль – наш боль". Гэты слоган стане сімвалам усяго 1989-га году.
На правай палове фатаздымка ў плашчах стаяць беларускія мастакі Уладзімір Басалыга і Алесь Шатэрнік.
На фотаздымку у цэнтры – скульптар Павел Лук.
У першым шэрагу са свечкай у руках стаіць паэт, сябра Таварыства маладых літаратараў "Тутэйшыя" Павел Змітрук.
Актывісты з плакатам: "26.1986-1989. У стравах і справах Чарнобыля прысмак. БНФ".
Момант, калі на стэлу з прапагандысцкай савецкай сімволікай чалавек вешае жалобны чорны сцяг. У цэнтры: журналіст Вячаслаў Хадасоўскі і публіцыст Яўген Будзінас.
Злева – мастак Хведар Ладуцька. У цэнтры Вячаслаў Хадасоўскі і публіцыст Яўген Будзінас, у верхняй правай частцы фотаздымка сядзіць фотакарэспандэнт Сяргей Грыц. Злева ад яго – журналіст, заснавальнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, Алесь Ліпай. Злева, вышэй ад Алеся Ліпая, журналіст Аляксандр Вальвачоў.
На будынку гатэля "Мінск" бачны самы папулярны ў тыя часы слоган: "Перестройка, демократия, гласность".
Грамадскія актывісты: злева – прафесар Мікола Савіцкі, справа – Анатоль Белы.
У клумбы цюльпанаў удзельнікі мітынгу ставяць знічы.
Людзі глядзяць, як на вяршыні прапагандысцкай стэлы чалавек умацоўвае жалобны чорны сцяг.
У цэнтры – дэпутат Вярхоўнага Савета 12 склікання, журналіст і актывіст БНФ Сяргей Навумчык.
Студэнты тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэмія мастацтваў) – Андрэй Азараў, Арсені Белавец, Віт Ляўшэня, Наталля Навоенка.
У цэнтры – мастак Хведар Ладуцька.
Left
Right